Існаванне сучаснай культуры цяжка ўявіць без адсылак. Ды і мастацтва ўвогуле абапіраецца на эфект пазнавання, менавіта ён задавальняе чаканні гледачоў. Як падмеціла Юлія Афёніна, аўтарка канала «Филолог всея Руси»: «Кожны твор — сумесь чагосьці знаёмага і незнаёмага. І чым лепш вытрыманы баланс, тым больш шанцаў, што твая кніга хоць камусьці спадабаецца».
Калі гаворым пра веліч Шэкспіра, разумеем: створаныя ім сюжэты сталі падмуркам для ўзнікнення новых твораў літаратуры, кіно і тэатра. Але сам аўтар гэтых п’ес не саромеўся запазычваць герояў, асобныя дэталі і хады з больш ранніх твораў, а таксама з фальклору: лічыцца, што сюжэт «Рамэа і Джульеты» Уільям Шэкспір узяў у Артура Брука, «Камедыю памылак» — у старажытнарымскага драматурга Плаўта…
Не толькі вядомыя сюжэты працавалі на эфект пазнавання. Асобна варта сказаць пра метафарычнасць п’ес Шэкспіра, што складае яшчэ адзін узровень інтэрпрэтацыі яго творчасці. Як прыклад, Марына Давыдава ў лекцыі «Шыфр Шэкспіра» на канале Arzamas прыводзіць эпізод з маналогу Брамніка з п’есы «Макбет», калі падчас яго слоў чуваць жудасны грукат. Для сучаснага гледача гэты эпізод будзе прахадным (у пастаноўцы «ТрыТфармаТ» яго ўвогуле няма), але елізавецінскі — счытваецца знаёмы біблейскі сюжэт.
«У адной з містэрый Хрыстос прыходзіць да варот пекла, каб вызваліць душы старазаветных праведнікаў. Люцыфер знаходзіцца ў замку, які ахоўвае вартаўнік. І Хрыстос стукае, каб забраць тыя самыя душы. І ў «Макбеце» ўсё гэта сімвалічна паўтараецца: ёсць замак, дзе жыве ўмоўны «сатана» Макбет, ёсць брамнік і Макдуф, які прыбывае да замка, у дадзеным выпадку замяняе Хрыста. Ён становіцца выратавальнікам сваёй Айчыны»,— адзначае Марына Давыдава.
Усё гэта — складнікавыя часткі аднаго твора, дзе ўсе ўзроўні — сюжэтны, сімвалічны, метафарычны — узаемадзейнічаюць між сабою. Сучаснікі Шэкспіра, незалежна ад адукацыі і статусу, знаходзілі ў пастаноўках свае апоры, паралелі і алюзіі, таму аўтар і здабыў славу.
Але час ідзе. Гістарычнаму кантэксту, якім так славіўся Шэкспір, сёння не надаюць вялікай увагі. Фальклорная традыцыя існуе ў полі інтарэсу вузкага кола людзей. Рэлігійныя метафары спазнаюць бадай толькі выпуснікі нядзельных школ. Што застаецца нам? Застаецца тая самая шэкспіраўская пустэча, якую рэжысёры самастойна напаўняюць сэнсамі.
Юлія Афёніна заўважала, што Шэкспір «даў нашчадкам канструктар». І сёння на сцэне мы глядзім тое, што рэжысёр сабраў з гэтага канструктара. Таццяна Самбук у спектаклі «Макбет» знаходзіць даволі незвычайныя рашэнні. Так, лейтматывам пастаноўкі становіцца першая сцэна з балета Пятра Чайкоўскага «Лебядзінае возера». Найбольш ярка яна гучыць у двух эпізодах. У першым мізансцэна ледзь не паўтарае кадры з фільма «Каўказская палонніца» Леаніда Гайдая, калі ў паўцемры з тэлевізара (тут — з прыёмніка) даносіцца знаёмая мелодыя, яна атаясамлівае змену ўлады, пераход да невядомага, да таго, што змрочна ад стратаў, крыві і забойства. Другі раз Чайкоўскі гучыць у акапэльным выкананні акцёраў у сцэне смерці Дункана. На каталцы ведзьмы вывозяць безжыццёвае цела караля, яны абмываюць нябожчыка, затым шматгалоссем узвышаюць свой спеў-малітву ў нябёсы. І зноў «Лебядзінае возера» абвяшчае: свет ужо не будзе ранейшым.
Асобным яркім момантам становіцца сцэна сімвалічнага забойства сям’і Макдуфа. Таццяна Самбук, акрамя акцёраў, уводзіць у сцэну жывую курку (на шчасце, у клетцы) і латок з яйкамі — ілюстрацыя лэдзі Макдуф і яе патомства. У парыве адчайнай нянавісці да жонкі Макбет сціскае яйка ў руцэ, і вадкае змесціва трапляе прама ў клетку. Гэта першы ў беларускім тэатры выпадак канібалізму: назіраць, як птушка есць «уласную плоць»,— відовішча не з прыемных. Мы ўсё ж далёка адышлі ад рымлянаў, якім патрэбныя былі ponem et circenses. Пасля Макбет пачынае разбіваць яйкі аб сцяну. Яны — не толькі вобраз дзяцей, але і архетыпны сімвал нараджэння, што ў спектаклі аказваецца немагчымым. Так Макбет забівае і рэальных, і магчымых дзяцей, пазбаўляе здрадніка Макдуфа ўсялякай будучыні, забірае ў яго спадчыну. Зламаць лёс і абарваць жыццё — якое ва ўяўленні Макбета такое ж выпадковае, як аплодненае яйка ў латку, такое ж абсурднае, як сцэна паглынання курыцай жаўтка,— для яго таксама проста, як разбіць яйка. Макбета паглынула цемра, ад чаго ён губляе ўсё чалавечае, становіцца згусткам апантанасці і паталагічнага страху, што хтосьці здолее збіць карону разам з яго галавой.
Калі недастаткова слоў, у сваіх працах Таццяна Самбук звяртаецца да музычных нумароў. У спектаклі «Макбет» адбыўся сапраўдны інтэртэкстуальны калапс. Каб вырашыць сцэну ўдала выкананага плана лэдзі Макбет па забойстве караля Дункана, рэжысёрка ўстаўляе ў дзеянне адрывісты танец пары Макбет пад кавер песні гурта «Кіно» ў выкананні «Чырвоназнамённай дывізіі імя маёй бабулі» — «Мы хочам танцаваць». Героі горача, самааддана скачуць пад дзіцячыя радасныя галасы. Песня-маніфест пакалення 1980-х, у якой танец — сімвал выхаду за межы звыклых рамак, ціску і стомы, дзе галоўнае — пратэст супраць шэрай паўсядзённасці і імкненне да свабоды праз музыку і рух, інтэгруецца ў сцэну падзення асобы, дзе забойства ўспрымаецца як перамога, дзе вышэйшыя ідэалы маралі ўтоптваюцца ў зямлю. Пры цытаванні немагчыма пазбегнуць сімвалічнага накладання: адзін вобраз накрывае другі, што ў выніку павінна стварыць трэці — новы сімвал, які характарызуе тое, што адбываецца на сцэне. Выкарыстанне ў спектаклі кампазіцыі В. Цоя ў сукупнасці з заганнымі чалавечымі прынцыпамі ва У. Шэкспіра не ўтварае нічога, акрамя канфлікту, адчування інароднасці і гучнай пошласці дзеяння.