КАЛІ ВЕЧАР ТРЭБА ЗАБІЦЬ
Рэцэнзія | «Як забіць яшчэ адзін вечар | Кірыл Салёнаў |
Гомельскі маладзёжны тэатр
КАЛІ ВЕЧАР ТРЭБА ЗАБІЦЬ
Рэцэнзія | «Як забіць яшчэ адзін вечар | Кірыл Салёнаў |
Гомельскі маладзёжны тэатр
Нягледзячы на багацце забаў, якія падаюць нам сучасныя тэхналогіі, людзі ўсё яшчэ сутыкаюцца з няздольнасцю сябе заняць, з бяссіллем і адсутнасцю цікавасці да жыцця – з нудой. У Гомельскім гарадскім моладзевым тэатры гэтае пачуццё паспрабавалі прэпараваць, раскласці на складовыя часткі. Ці атрымалася?

Сцэна са спектакля | фота з сайта moltheatre.by
У апошні час на беларускай сцэне рэдка можна ўбачыць пастаноўкі, створаныя па арыгінальных п'есах сучасных драматургаў. Усё часцей рэжысёры звяртаюцца да класікаў. Працаваць з матэрыялам, які праверыў самы галоўны крытык – час, зручней. Хтосьці ставіць спектаклі так, быццам глядач усё той жа, што сотню гадоў таму. Хтосьці спрабуе пераасэнсаваць манументальныя тэксты. Малады расійскі рэжысёр Кірыл Салёнаў пайшоў далей. Ён стварыў “тэатральную фантазію па матывах п'есы Мікалая Някрасава "Восеньская нуда”".

Някрасаў-драматург вядомы нашмат менш, чым Някрасаў-паэт. Ды і наколькі наогул шырокай грамадскасці вядомы Някрасаў? На ўроках рускай літаратуры школьнікам кажуць, што ён – "голас сялянскай душы", успяваюць яго талент і асабістую якасць – уменне спачуваць. За кадрам застаецца іншы бок медаля: двудушнасць паэта, у якой яго абвінавачвалі яшчэ пры жыцці. Ён быў тым панам, якога сам асуджаў у сваіх вершах. Аб'ядаўся, пакуль сяляне галадалі, выязджаў на пышныя паляванні, прыбіваў цвікі да сваіх карэт, каб на іх не чапляліся хлапчукі. Ён ці то не верыў у тое, пра што пісаў, ці то не мог у сабе разабрацца.

Мікалай Аляксеевіч казаў: “Ува мне было заўсёды два чалавекі – адзін афіцыйны, што вечна б'ецца з жыццём і з цёмнымі сіламі, а другі такі, якім стварыла мяне прырода”. Кірыл Салёнаў аб двудушнасці пісьменніка кажа прама і без крыўднякоў: перад пачаткам асноўнага дзеяння на сцэну выходзіць вяшчальнік і коратка распавядае пра цёмны бок жыцця Някрасава.

Нуда на сцэне і ў зале


Сцэна са спектакля | фота з сайта moltheatre.by
П'еса "Восеньская нуда" лічыцца антыпрыгоннай, толькі рэжысёры ўпарта робяць акцэнт на назве, якая кідаецца ў вочы. Яны факусуюцца на нудзе, і неяк міма іх праходзяць разбуральныя адносіны пана і прыгоннага, якія атручваюць абодвух, робяць людзей глыбока няшчаснымі.

Спектакль носіць назву "Як забіць яшчэ адзін дзень?", і на школьнай дошцы, нібы слоганам да ўсяго дзеяння, выступае: "Навошта ты прачнуўся сёння?". На двух гэтых пытаннях і будуецца сюжэт. Пан, якога завуць Сяргей Сяргеевіч, не можа прыдумаць, чым бы яму заняцца, і ад таго прымушае слуг рабіць бессэнсоўную працу, ганяючы іх з дзіўнымі даручэннямі, парушаючы звыклы ход іх жыцця.

Праблема твораў, якія хочуць паказаць эмоцыю нуды ў тым, што яны не ўтрымліваюць грань паміж зеўкамі на сцэне і ў глядзельнай зале. Калі глядач пазяхае – гэта не добра перададзеная атмасфера, гэта катастрофа. А глядач і праўда перыядычна пазяхаў.

Кампазіцыя спектакля досыць дзіўная. Экспрэсіўныя танцы, пацешныя да слёз сцэнкі і паказ сучасных "тэгаў" для ўдакладнення невядомай масавай аўдыторыі інфармацыі змяняюць доўгія маналогі, бессэнсоўныя і сумныя.

Ці акуальна рабства?


Сцэна са спектакля | фота з сайта moltheatre.by
З нудой сутыкаўся кожны чалавек – гэта цалкам зразумелае пачуццё, у якім цяжка знайсці нешта ўнікальнае. І таму ад твора, які яе паказвае, чакаем або пераасэнсавання, або глыбокай рэфлексіі аб прычынах яе ўзнікнення, або адказу на пытанне, як з ёй змагацца. Усе гэтыя аспекты не закрануты ў спектаклі. Ён добра перадае атмасферу, аднак недастаткова змястоўны для таго, каб захапіць увагу.

І калі здаецца, што рэжысёр не справіўся, што вывеў на першы план не тое, самы час звярнуцца да першакрыніцы, выйсці за рамкі асабістага, зірнуць на спектакль з пункту гледжання сацыяльнага ўладкавання грамадства. І тады героі і сітуацыі, у якія яны трапляюць, пачынаюць выглядаць зусім інакш.
Пан быццам бы не злосны. Так, эгаістычны і эгацэнтрычны. Так, з дзівацтвамі. Так, прычыняе нязручнасць сваімі прыдзіркамі. Але ў яго няма жадання нашкодзіць, спецыяльна пакараць або зняважыць. Таму што прыгонныя для яго – не людзі нават. А рэчы, якія павінны выконваць сваю функцыю не залежна ад таго, мае гэта хоць нейкі практычны сэнс, ці не.

Прыгонныя таксама нядрэнныя людзі. Дзесьці сабатуюць працу, дзесьці пасмейваюцца з дзівацтваў спадара, аднак і ў іх няма наўмыснай жорсткасці. Таму што пан для іх – не злыдзень, які заняволіў і адабраў свабоду, а канстанта. Пану служылі іх бацькі, дзяды і прадзеды. Пану будуць служыць іх дзеці, унукі і праўнукі. Ён непазбежнае зло, якое і злом ніхто не лічыць.
Паміж панам і прыгоннымі жудасныя адносіны, якія шкодзяць усім, якіх проста не павінна існаваць. І ўзаемная інэртная абыякавасць становіцца прычынай нуды аднаго і незадавальнення іншых. Толькі вось... Наколькі праблемы рабства актуальныя сёння? Хіба мы не зразумелі, што адны людзі не павінны эксплуатаваць іншых яшчэ сотні гадоў таму?

Рускі Хрыстос


Сцэна са спектакля | фота з сайта moltheatre.by
Рэжысёрам было прынята рашэнне змяніць тыпаж галоўнага героя. Замест сівога благога і дзіўнага дзядка, перад гледачом паўстае ледзь не волат. Высокі, шыракаплечы, кроў з малаком – Яўген Хромаў выконвае ролю леннага пана-самадура самааддана і яскрава. З першага з'яўлення на сцэне ён, апрануты ва ўсё белае, з вянком на галаве, які аддалена нагадвае цярновы, сам падобны на Хрыста. Праўда, рускага, ад таго ў валёнках і з запалам.

Сяргей Сяргеевіч параўноўвае сябе з футрам, якую паела моль, і ўсё звяртае на сябе ўвагу прыгонных. "Прынясіце мне футру! Дзе футра мая?" – крычыць, не разумеючы, што насамрэч прагне любові і пашаны. Ён – рэч. Прыгонныя – рэчы. І выхаду з гэтага заганнага круга няма. Толькі калі...
Містычная частка – самае прыгожае і зачаравальнае, што ёсць у спектаклі. Сяргея Сяргеевіча пераследуюць тры жанчыны. Яны таксама ў белым, яны прыходзяць да яго ў снах, яны клічуць яго кудысьці. Ці, наадварот, прымушаюць застацца?

Ірына Шапецька, Ірына Якавец і Валерыя Цыкуненка стварылі яркія, напоўненыя загадкай і таемнымі ведамі вобразы. А харэаграфія, пастаўленая Варварай Каменскай, не дазваляе адвесці ад актрыс погляд. Выбар беларускіх народных песень для спектакля пра рускага памешчыка здаецца некалькі дзіўным, але за пластыку і прыгажосць рухаў падобныя несастыкоўкі можна дараваць.

Экстравагантнасць
або геніяльнасць?


Сцэна са спектакля | фота з сайта moltheatre.by
"Як забіць яшчэ адзін вечар" – гэта пастаноўка – лапікавая коўдра. Так, стваральнік падрыхтаваў выдатныя кавалачкі тканіны, але ці то забыўся, ці то не захацеў сшываць іх разам.

Сцэна выглядае цудоўна. Кляновае лісце шамаціць пад нагамі, самотнае дрэва перадае ўнутраны стан персанажаў. Святло таксама выстаўлена так, што чалавечыя твары лёгка ператвараюцца ў зласлівыя аскалы і ў маскі васковых лялек. Музычнае суправаджэнне падтрымлівае атмасферу. Бачна, што кожны ўдзельнік спектакля выклаўся на поўную. Так што не выйшла?

Здаецца, Кірыл Салёнаў занадта хацеў паказаць сваю іншасць. Выклік чуецца нават у тым, што акцёры не выходзяць на паклон, не атрымліваюць заслужаных авацый. Аднак, калі прыгледзецца, за падобнай экстравагантнасцю крыецца пустата. Ці, можа, малады рэжысёр хацеў прымусіць гледачоў самім яе запаўняць? Бо калі вечар трэба забіць (хай і ў тэатры), ці не час мяняцца самім?

"Як забіць яшчэ адзін вечар" –
гэта пастаноўка – лапікавая коўдра
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website